Гісторыя
Клічаўскага раёна
Клічаўскі раён размешчаны ў паўднёва-заходняй частцы Магілёўскай вобласці. Утвораны 17.07.1924г.
П л о ш ч а 1,8 тыс. кв. км. На тэрыторыі раёна 5 сельскіх Саветаў: Бацэвіцкі, Доўгаўскі, Каўбчанскі, Патоцкі, Нясяцкі.
Ц э н т р р а ё н а – горад Клічаў.
Клічаў – адзін са старажытных населеных пунктаў Беларусі. Упершыню паселішча Клічава, з віцебскага ваяводства, упамінаецца пад 1592 годам. У іншых дакументальных крыніцах пачынаючы з 1560г. Сустракаюцца назвы шматлікіх населеных пунктаў, размешчаных на тэрыторыі сучаснага Клічаўскага раёна: Бацэвічы, Бёрда, Доўгае, Дубно і інш. У канцы ХVІ ст. упамінаюцца Максімавічы, Ворліна, Сялец, Стаялы.
У VІ-ІХ ст. на тэрыторыі раёна жылі плямёны дрыгавічоў.
Клічаўскі раён у гады
Вялікай Айчыннай вайны
3 ліпеня 1941 года Клічаўскі раён быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 14 ліпеня створаны першы мясцовы партызанскі атрад з партыйна-савецкага актыву і патрыётаў раёна.
К сярэдзіне сакавіка 1942 г. партызаны ачысцілі ад акупантаў амаль ўсю тэрыторыю Клічаўскага раёна. 20 сакавіка 4 партызанскія атрады разграмілі варожы гарнізон у Клічаве і завяршылі вызваленне ўсёй тэрыторыі раёна.
3.04.1942г. у в.Усакіна Клічаўскага раёна на сходзе камуністаў раёна была прынята пастанова аб аднаўленні савецкай улады ў раёне. Клічаўская партызанская зона, першая на тэрыторыі Беларусі, тэрыторыя Клічаўскага раёна, а таксама сумежная з ім частка Асіповіцкага, Бярэзінскага, Бялыніцкага, Кіраўскага і іншых раёнаў Магілёўскай вобласці, якую кантралявалі партызаны. У Клічаўскім раёне быў створаны першы на тэрыторыі Беларусі партызанскі аэрадром, куды прыляталі самалёты з Вялікай зямлі. К пачатку 1944 г. пад аховай 17 тысяч партызан знаходзілася больш 70 тыс. мірных жыхароў. Клічаўская партызанская зона праіснавала да ўз’яднання з рэгулярнымі часцямі Савецкай Арміі.
Клічаўшчына з’яўляецца радзімай:
П.А.Крываноса – Героя Савецкага Саюза; А.М.Кудзіна – Героя Сацыялістычнай Працы; І.Я.Грынявіцкага – народавольца, забойцы цара Аляксандра ІІ; А.А.Смоліча – дзяржаўнага дзеяча БНР, першага прафесара геаграфіі на Беларусі; І.І.Пірожніка – географа, доктара геаграфічных навук, прафесара, дэкана геаграфічнага факультэта БДУ; Г.М.Ціханчука - біёлага, кандыдата біялагічных навук, дэкана факультэта прародазнаўства МДУ імя А.П.Куляшова; Я.Зазекі – пісьменніка; Л.Дайнекі – пісьменніка; М.І.Татура – перакладчыка; Сары Каган – паэткі; Г.Васілеўскай – пісьменніцы; В.Габрусёвай – паэткі; А.П.Кудраўца – пісьменніка, перакладчыка; М.А.Лапаціна – генерала-палкоўніка; І.І.Ваганава – генерала-маёра; П.С.Дроніна – контр-адмірала і інш.
Прыродныя ўмовы і рэсурсы
З поўначы на поўдзень працякае рака Ольса з прытокамі Нясята (з Гарадзечанкай і Турчанкай), Цераболь, Сушанка, Ганчанка, Суша (з Перасопенкай) і Кострычка.) На паўночным усходзе – рака Друць з прытокам Даўжанка. На захадзе - рака Бярэзіна. Азёры : Танек, Дубавец, Орлінскае, вадасховішча Арэхаўка на рацэ Нясята.
Г л е б ы дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна- балотныя. Пад лесам 56% тэрыторыі раёна. Пад балотамі - 4,2 % тэрыторыі. Найбольш балотныя мясціны: Ганчанскае балота, Ванкоўшчына і Заполле.
Пад сельскагаспадарчымі ўгоддзямі 30,4% тэрыторыі раёна, у тым ліку 17 % - ворных зямель. Асноўныя галіны сельскай гаспадаркі: малочна–мясная жывёлагадоўля, вырошчванне збожжавых і кармавых культур.
Кваліфікаваныя кадры сярэдняга звяна для сельскай гаспадаркі рэспублікі рыхтуе Клічаўскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж.
Каля вёскі Усакіна знаходзіцца Усакінскі мемарыяльны комплекс, на паўночна-ўсходняй частцы Клічава – Курган Бессмяротнасці. Выдаецца раённая газета“СцягСаветаў”.
Раён мяжуе з Асіповіцкім, Быхаўскім, Кіраўскім, Бярэзінскім, Магілёўскім, Бялыніцкім раёнамі.
Транспарт
Па тэрыторыі раёна праходзіць чыгунка Асіповічы-Магілёў, аўтамабільныя дарогі Беразіно – Клічаў – Бабруйск і Клічаў – Чачэвічы
Карысныя выкапні
Вядомы 135 радовішчаў торфу з агульнвмі запасамі 34,2 мільёнаў тон (найбольш Ганчанскае балота, Арэхаўка, Ванкоўшчына);Ганаратаўскае радовішча пяску; Юзафінскае радовішча глін і суглінкаў у в.Юзафін. Пластападобны паклад звязаны з канцовамарэннымі адкладамі сожскага ледавіка. Перспектыўныя запасы 322 тыс.м / кубічных.
Ганчанскае радовішча сапрапелю, пад слоем торфу Ганчанскага балота. Сапрапель арганічнага тыпу, запасы 1,7 млн.м./ кубічных, плошча залягання 0,3 тыс.га. Попельнасць 16%. Сярэдняя магутнасць адкладу 0,6м.
Раслінны свет
Па тэрыторыі раёна праходзіць мяжа распаўсюджавання елкі, граба, вольхі шэрай. Пад лесам – 55,8%. Значная частка лясоў забалочана. У раёне 139 балот з плошчай 6,7 тыс. га, 13 відаў раслін, у т.л. купальнік горны, мядзведжая цыбуля, чароўнік двуўлісты і інш., занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
Жывёльны свет
На тэрыторыі раёна налічваецца 201 від жывёл, у т.л. звяроў – 40, птушак – 147. З прамыслова-паляўнічых жывёл водзяцца: казуля, дзік, лось, алень, ліс, заяц бяляк, заяц русак, воўк, вавёрка, куніца, тхор, цецярук, глушэц, шэрая
курапатка, рабчык.
Раён займае першае месца ў вобласці па плошчы асабліваахоўваемых прыродных тэрыторый (16,2 % тэрыторыі раёна і 24,8% плошчы асабліваахоўваемых тэрыторый вобласці). На частцы тэрыторыі раёна размешчаны ландшафтны заказнік Свіслацка-Бярэзінскага нацыянальнага парка, знаходзіцца частка заказніка рэспубліканскага значэння “Астравы Дулебы”, помнік прыроды рэспубліканскага значэння – дубова-грабавы лес Бёрдаўскага лясніцтва.
У раёне 35 заказнікаў мясцовага значэння, у т.л.: Арэхаўка, Барсукі, Вялікі, Мох, Ванькаўшчына, Вязень, Глыбокі Лог і інш. Помнікамі прыроды мясцовага значэння з’яўляюцца 4 крыніцы і помнік прыроды “Дубрава”.
Зямельныя рэсурсы – 179605 га, у т.л. пад сельскагаспадарчымі ўгоддзямі – 58345 (32,5%), пад лясамі – 114524 га (63,7%), пад балотамі – 6736 га (3,8%) і г.д.
Глебы сельскагаспадарчых угоддзяў(%) дзярнова-падзолістыя-34.1; дзярнова-падзолістыя забалочаныя-43,6; дзярновыя забалочаныя-2,0; поймавыя дзярновыя—6,6; тарфяна-балотныя-9,7; паводле грануламетрычнага складу: сугліністыя - 2,7; супясчаныя – 72,7; пясчаныя – 14,7; тарфяныя – 9,7.
|